Гісторыя бібліятэкі неаддзельная ад гісторыі ВНУ. Пра яе даваенны перыяд вядома мала. Бібліятэка, як і інстытут, была створана ў 1933 г. Яна павінна была забяспечваць неабходнай літаратурай вучэбна-выхаваўчы працэс, навуковыя даследаванні і вытворча-гаспадарчую дзейнасць ВНУ, а таксама быць цэнтрам распаўсюджвання ведаў, удзельнічаць у духоўным фарміраванні студэнтаў.


Да 1941 г. фонд бібліятэкі складаў 53 тыс. асобнікаў. Гэта быў добра падабраны збор кніг, які адказваў народнагаспадарчым задачам першых пяцігодак. У гады Вялікай Айчыннай вайны кніжныя калекцыі былі разрабаваны, частка фонду вывезена фашыстамі ў Нямеччыну, а астатняя літаратура знішчана. Адраджэннем бібліятэка абавязаная Ленінграду і Саратаву, якія падзяліліся кнігамі з рэзервовых фондаў сваіх бібліятэк. Невялікая частка літаратуры была вернута з Германіі, але даваеннага аб'ёму фонд дасягнуў толькі ў 1955 г.


У 1950 г. годзе бібліятэцы падалі памяшканне ў навучальным корпусе па вул. Свярдлова, 7. Тут размясціліся кнігасховішча, абанемент і чытальная зала. З'явілася магчымасць для ўдасканалення формаў і метадаў абслугоўвання патоку чытачоў, які з часам толькі ўзрастаў.


У 1967 і 1970 гг. бібліятэка ўдзельнічала ва Усесаюзных аглядах бібліятэк і была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР, дыпломамі другой ступені Міністэрства культуры СССР і Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР за паспяховую работу па забеспячэнню вучэбнага працэсу і навуковай дзейнасці ВНУ, выхаванню студэнтаў і выдатнае абслугоўванне чытачоў.


У 1972 быў створаны Бібліятэчны савет - калектыўны орган з 11 высокакваліфікаваных спецыялістаў, які займаўся вырашэннем пытанняў удасканалення, планавання, уліку і справаздачнасці бібліятэкі, вывучэннем і ўкараненнем перадавога вопыту, навуковай арганізацыяй працы. Ён каардынаваў працу бібліятэкі з вучэбнай і навуковай дзейнасцю ВНУ.


У 1976 г. па асноўных паказчыках (аб'ём фонду, колькасць чытачоў і кнігавыдач) бібліятэка была аднесена да бібліятэк другой групы. У тым жа годзе яна атрымала асобны будынак.


У васьмідзесятыя гады для лепшай арганізацыі ў бібліятэцы быў адкрыты метадычны аддзел. Ён вядзе распрацоўку палажэнняў і тэхналагічных інструкцый для сваіх работнікаў, адказвае за павышэнне кваліфікацыі бібліятэкараў, навуковую арганізацыю іх працы. З з'яўленнем рэгламентуючай дакументацыі дзейнасць бібліятэкі ўвайшла ў стройную сістэму. Да 1983 г.ужо працавала разгалінаваная структура з выразным абслугоўваннем чытачоў, якая мэтанакіравана забяспечвае літаратурай навучальны і навуковы працэсы ВНУ.


Асновай сістэмы абслугоўвання стаў прынцып дыферэнцыяцыі - як па чытацкіх катэгорыях (студэнты, навуковыя работнікі), так і па тыпах і відах літаратуры (чытальная зала замежнай літаратуры, чытальная зала перыёдыкі).


Са студзеня 1986 г. сістэма каталогаў і картатэк перайшла на новую, больш дасканалую сістэму бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі (ББК). Для выгоды чытачоў быў цалкам перакласіфікаваны даведачны апарат. (Іншыя буйныя вузаўскiя бібліятэкі выканалі гэтую працу па спрошчанай схеме, калi была рэкласiфiкавана толькі частка фондаў.)


У 1990 г. бібліятэка БДЭУ па асноўных статыстычных паказчыках была аднесена да бібліятэк першай групы. Яна стала трэцяй найбуйнейшай вузаўскай бібліятэкай Беларусі пасля Фундаментальнай бібліятэкі БДУ і бібліятэкі БНТУ.


У практыку ўкараняюцца новыя формы інфармавання чытачоў, камп'ютэрныя тэхналогіі. У 1989 г. была здадзена ў эксплуатацыю аўтаматызаваная бібліятэчна-бібліяграфічная сістэма. Супрацоўнікі прайшлі падрыхтоўку, і ўжо ў 1992 г. на базе двух ПЭВМ з'явіліся аўтаматызаваныя працоўныя месцы бібліятэкараў у аддзелах апрацоўкі літаратуры і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання. Пачаў стварацца электронны каталог, база дадзеных аналітычнага роспісу.


У 2001 г. бібліятэка падключылася да адзінай аўтаматызаванай сеткі універсітэта, атрымала доступ да знешніх інфармацыйных рэсурсаў, у тым ліку - міжнароднай сеткі Internet. Бібліятэка выкарыстоўвае электронную пошту для абмену дзелавой карэспандэнцыяй, назапашвае фонд электронных выданняў, базы дадзеных на CD.


Сукупны фонд бібліятэкі з філіяламі і іншымі структурнымі падраздзяленнямі ў 2002 г. склаў 1,5 млн адзінак захоўвання. Другое пасля Вялікай Айчыннай вайны адраджэнне фонду прыйшлося на сярэдзіну дзевяностых гадоў. Распад Савецкага Саюза, абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, карэннае змяненне эканамічнай і сацыяльна-палітычнай сітуацыі прывялі да неабходнасці амаль поўнай замены падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па сацыяльна-гуманітарных і эканамічных дысцыплінах. Не менш за траціну кніжнага фонду падлягала спісанню. Студэнты маглі працягваць карыстацца падручнікамі толькі па прыродазнаўчых, матэматычных і тэхнічных навуках. Асноўная частка падручнікаў раней паступала з Масквы, а нацыянальнай эканоміцы патрабаваліся свае аўтары.


Рэктарат, Вучоны савет прынялі рашэнне аб стварэнні комплексу навучальных дапаможнікаў сіламі прафесарска-выкладчыцкага складу універсітэта. У БДЭУ быў арганізаваны выдавецкі цэнтр, які ўзначаліла Л. А. Часнакова - вопытны і энергічны спецыяліст. Пад яе кіраўніцтвам выдавецкая дзейнасць БДЭУ стала самай эфектыўнай і маштабнай сярод ВНУ рэспублікі.


Адаптацыя аддзела камплектавання да сучасных умоў, павялічэнне аб'ёмаў фінансавання дазволілі дабіцца пералому ў забеспячэнні ВНУ літаратурай. Каля 40% паступленняў - уласныя выданні БДЭУ. Бібліятэкай выпісваюцца айчынныя і рускамоўныя часопісы эканамічнага профілю, перыёдыка па навуковых дысцыплінах і кірунках, якiя развіваюцца ва ўніверсітэце, мастацкія і папулярныя часопісы.


Больш за трыццаць гадоў (з 1961 па 1993 г.) бібліятэку ўзначальваў Канстанцін Міхайлавіч Мілановіч. Гісторык па адукацыі, ён асвоіў бібліятэчную справу да тонкасцяў і праявіў сябе выдатным арганізатарам. Пад яго кіраўніцтвам бібліятэка расла разам з ВНУ, яе неаднаразова ўзнагароджвалі дыпломамі і Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры.


З часам, калі ўзраслі аб'ёмы і складанасць выконваемых работ, была ўведзена пасада намесніка дырэктара. Яе паслядоўна займалі В. І. Рулева, Т. А. Масюк, А. В. Склярэнка.


У 1993 г. ддырэктарам бібліятэкі стаў Сяргей Вікенцьевіч Шандора. Вопытны арганізатар, які добра ведае навучальны працэс і профіль універсітэта, фізік па адукацыі, спецыяліст у сферы тэхнічнага забеспячэння навучальнага працэсу, ён, як чалавек, які любіць кнігу, пагадзіўся кардынальна змяніць профіль сваёй працы і перайсці з аддзела АСК ў бібліятэку.


У дзейнасці бібліятэкі адбыліся істотныя змены, якія датычацца забеспячэння навучальнага працэсу, навуковай і вытворчай дзейнасці універсітэта. Сталі актыўна ўкараняцца новыя камп'ютэрныя тэхналогіі, палепшылася матэрыяльная база, і ўмацаваўся кадравы прафесійны склад.


З пераўтварэннем Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі ў Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт істотна пашырыліся структура і пералік спецыяльнасцяў і спецыялізацый, па якіх вядзецца падрыхтоўка эканамістаў, адкрываюцца філіялы і прадстаўніцтвы БДЭУ ў гарадах рэспублікі.


У 1996 г. бібліятэка перадала частку сваіх фондаў арганізаванаму ў Бабруйску філіялу БДЭУ і на працягу некалькіх гадоў камплектавала яго новай літаратурай, заклаўшы аснову для фарміравання самастойнай бібліятэкі філіяла. У 1997 г. адкрылася прадстаўніцтва Вышэйшай школы кіравання і бізнесу на базе Пінскага банкаўскага каледжа. Бібліятэка стварыла тут свой філіял, забяспечыўшы яго літаратурай з кнігасховішчаў, дапаможнікамі і манаграфіямі для павышэння кваліфікацыі мясцовых выкладчыкаў.


Да пачатку 2001/2002 навучальнага года факультэт права атрымаў асобны будынак, у якім размясціўся і яшчэ адзін філіял бібліятэкі. Усяго за два месяцы быў сабраны салідны фонд у невялікім памяшканні, і бібліятэка факультэта зарабіла. Са стварэннем пры БДЭУ Інстытута павышэння кваліфікацыі бібліятэка паклапацілася аб яго забеспячэнні бібліятэчнымі паслугамі.


З 2002 года ў бібліятэцы ўкаранёна аўтаматызаваная бібліятэчная інфармацыйная сістэма "МАРК-SQL". У 2005 г. пачаў функцыянаваць шматузроўневы web-сайт бібліятэкі http://library.bseu.by з анлайнавым доступам да каталогаў, бюлетэня новых паступленняў. У бібліятэцы была ўкаранёна тэхналогія штрыхкадавання фонду, аўтаматызаванае абслугоўванне на абанементах.


У 2000 годзе пачалося фарміраванне структуры і напаўненне электроннай бібліятэкі БДЭУ. Доступ да дакументаў падаваўся толькі з лакальнай сеткі універсітэта. Са снежня 2013 года года на аснове вольна распаўсюджванага праграмнага забеспячэння DSpace ўведзена ў эксплуатацыю электронная бібліятэка http://edoc.bseu.by/, якая прадстаўляе доступ да да ўсіх назапашаных рэсурсаў. У ЭБ БДЭУ прадстаўлены дакументы: матэрыялы канферэнцый і семінараў, артыкулы з перыядычных выданняў універсітэта, патэнты, навучальныя праграмы, дапаможнікі і вучэбна-метадычныя комплексы па дысцыплінах, электронныя аналагі друкаваных выданняў.


На працягу шэрагу гадоў бібліятэка актыўна супрацоўнічае з беларускімі і замежнымі бібліятэкамі, інфармацыйнымі цэнтрамі, з'яўляецца ўдзельніцай міжнароднага карпаратыўнага праекта па абмене бібліяграфічнай інфармацыяй МАРС і каардынатарам праекта БелАР па аналітычнаму роспісу беларускіх перыядычных выданняў (сярод бібліятэк ВНУ Беларусі) з 2002 года. З 2010 года БДЭУ падлучаны да віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.


Бібліятэка БДЭУ жыве ў рытме часу. Кожнае пакаленне бібліятэкараў упісвае сваю старонку ў яе гісторыю і гісторыю універсітэта. Сёння калектыў бібліятэкі бачыць галоўную задачу ў павышэнні якасці інфармацыйнага забеспячэння навучальнага працэсу і навуковых даследаванняў, арганізацыі доступу да сусветных інфармацыйных рэсурсаў.



Яндекс.Метрика