Старажытны Полацк, абноўлены і ўпрыгожаны да трайнога свята – асабістага 1155-гадовага юбілею, Дня пісьменнасці і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання – на тры дні ператварыўся ў адну вялікую літаратурна-фестывальную пляцоўку.

Сяргей Шандора, Алена Глінская і Алена Барэцкая, прадстаўнікі бібліятэкi БДЭУ, не маглi абысці ўвагай такую значную культурную падзею. 3 верасня супрацоўнікі выдавецкага цэнтра і бібліятэкі БДЭУ як людзі, якія маюць непасрэднае дачыненне да кніжнай справы, накіраваліся у самы цэнтр падзей.

Мы змаглі на ўласныя вочы пабачыць хараство старажытнага Сафійскага сабора, былога комплекса Дабравешчанскага манастыра, жадаючыя маглі наведаць адзін са шматлікіх музеяў (напрыклад, Музей кнігадрукавання, дзе выстаўляўся арыгінал скарынаўскай "Малой падарожнай кніжыцы", ці краязнаўчы музей у будынку былой лютэранскай кірхі). Многія зайшлі у Полацкі дзяржаўны універсітэт (былы Полацкі езуіцкі калегіюм), дзе можна паразмаўляць са знакамітай галавой Габрыэля Грубера. Таксама нельга было не наведаць знакаміты Спаса-Еўфрасініеўскі жаночы манастыр. Вельмі ўразіла выстава макетаў архітэктурных аб’ектаў Полацка (храмы, вакзалы, масты, музеі), якая дазволіла зрабіць віртуальнае падарожжа ў часе і прасторы.

Асветніцкую кніжную справу Скарыны працягнуў традыцыйны Фестываль кнігі і прэсы, які сабраў на плошчы імя першадрукара буйнейшыя выдавецтвы нашай краіны. Усе святочныя дні працаваў друкарскі станок XVI стагоддзя, узноўлены гісторыкам і калекцыянерам Уладзімірам Ліхадзедавым. Надрукаваць сваю уласную старонку маглі ўсе жадаючыя! Таксама каларыт святочным мерапрыемствам надавалі песні беларускай эстрады і фальклорных калектываў і вельмі прыгожыя і разнастайныя вырабы рамеснікаў, прысвечаныя кнізе, пісьменнасці, Скарыне.

Полацк у чарговы раз падцвердзіў свой высокі статус старажытнай культурнай і асветніцкай сталіцы Беларусі, радзімы выдатнага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны.


Яндекс.Метрика